Лёс распарадзiўся так, што да бальшавiцкага перавароту татарам жылося ў нас крыху лепш, чым прадстаўнiкам карэннага насельнiцтва - яны стаялi на вышэйшай прыступцы ў грамадстве. Вялiкi князь Вiтаўт запрасiў татараў на службу ў Вялiкае Княства Лiтоўскае ахоўваць дзяржаўныя межы. I з таго часу татары верай i праўдай служылi новай айчыне i нiколi памiж iмi i беларусамi не было звадак. Мала таго: татары выступалi нават супраць сваiх адзiнаверцаў, калi тыя прыходзiлi з iншых краiн, каб рабаваць памежныя тэрыторыi Вялiкага Княства. У "Лiтоўскай метрыцы" эахаваўся iх лiст да захопнiкаў наступнага зместу: "Нi Бог, нi Прарок не дазваляюць вам рабаваць, а нам быць няўдзячнымi. Мы лiчым вас за драпежнiкаў i шаблямi нашымi забiваем рабаўнiкоў, а не братоў нашых. Заставайцеся за Волгаю.., бо мы ля Вiльнi будзем кроў пралiваць за лiтоўцаў, якiя лiчаць нас братамi сваiмi". Вядома таксама, што ў Грунвальдскай бiтве татарскiя харугвы бiлiся побач з беларускiмi, а ў час вызваленчых рухаў на Беларусi ў 1794, 1833, 1863 гг. многiя татары былi на баку паўстанцаў, за што цяжка паплацiлiся.
Даследчык татарскай гiсторыi А.Мухлiнскi ў сваёй працы "Исследование о пронсхождении и состоянии литовских татар" (1857) пiсаў, што заканадаўства раўняла татараў з дваранамi. Iх надзялялi льготамi i маёнткамi, якiя пераходзiлi ў спадчыну да нашчадкаў, за што патрабавалася ад iх ладзiць ваенныя паходы за свой кошт. А.Мухлiнскi дае наступную характарыстыку этнiчна-маральнаму воблiку татараў: "Яны ў большасцi выпадкаў высокага росту, стройныя, чарнавалосыя, смуглатварыя, з правiльнымi рысамi твару i высакародныя ў абыходжаннi, разважлiвыя ў размовах, гасцiнныя, рахманыя, стрыманыя. Словам, не падобныя зусiм да мангольскiх плямёнаў. У маральных адносiнах яны сумленныя, добрыя, ласкавыя, жывуць у згодзе з iншымi жыхарамi, але не злiваюцца з iмi. Амаль нiколi не былi выкрытыя ў крымiнальных злачынствах. У хатнiм побыце яны мiралюбiвыя, рэдка памiж сабой сварацца i варагуюць".
Акрамя ваяроў, беларускiя (лiтоўскiя) татары былi i чыноўнiкамi, i земляробамi, i агароднiкамi, i каняводамi. У XIX стагоддзi, напрыклад, у Менску, дзе колькасць татараў даходзiла да чатырохсот душ, татары-каняводы валодалi на берагах Свiслачы сенажацямi. У Пiнску яны выраблялi саф'ян са скуры, у Вiльнi прадавалi палатно i нiткi, у Наваградку займалiся вознiцтвам. Вядома, што ў савецкi час многiя татары працавалi гарбарамi.
Мужнасцю, бескарыслiвасцю, шанаваннем законаў праславiлiся многiя татарскiя дваранскiя роды на Беларусi, да якiх адносiлiся Адамовiчы, Базарэўскiя, Бараноўскiя, Беляковы, Бучацкiя, Сабалеўскiя, Сульковiчы, Халецкiя, Юзефовiчы, Янушэўскiя.
Шляхта-татары былi людзьмi адукаванымi, некаторыя з iх, акрамя еўрапейскiх моў, ведалi арабскую i сваю родную - як знак iнтэлiгентнасцi i самапавагi. Некаторыя канчалi медрэсэ - духоўныя вучылiшчы.
Рэлiгiйнае i традыцыйнае жыццё татараў ва ўсе часы, акрамя савецкiх, не прыгняталася. Гэты народ жыў абшчынамi, малiўся ў сваiх мячэцях (джалi), вучыўся ў хатнiх школах арабскаму пiсьму i iсламу, меў i шанаваў свае могiльнiкi (мiзары), захоўваў доўгi час свой нацыянальны строй. Па сведчаннi П.Шпiлеўскага, у сярэдзiне XIX стагоддзя касцюм татарскага мужчыны нагадваў касцюм мешчанiна: ялавыя боты, шэры доўгi сурдут i шапка з казырком, у той час, як жанчыны яшчэ прытрымлiвалiся сваiх стракатых шляфрокаў i чырвоных хустак. Сёння адзенне беларускiх татараў не адрознiваецца ад еўрапейскага. Але некаторыя адметныя татарскiя элементы адзення засталiся. Як сведчаць даследнiкi, беларусы i палякi перанялi ў татараў бурку, жупан, канфедэратку, халат, андарак, намiтку, боты i так званыя слуцкiя паясы, а з iмi ўвайшлi ў беларускi слоўнiк назвы гэтых прадметаў. Яшчэ раней у цюркаў-гунаў былi перанятыя порткi, якiя ў iх звалiся штанамi.
А вось мову, атабарыўшыся на беларускай зямлi, татары праз два-тры пакаленнi пераймалi мясцовую. Праўда, уносячы ў яе i свае словы, якiя ахвотна засвойвалi беларусы. Такiм чынам, у беларускай мове з'явiлася каля шасцiсот татарскiх слоў.
Сталiнскiя рэпрэсii i войны скарацiлi колькасць татарскага насельнiцтва на Беларусi. Засталася жменька - 12,5 тысячы чалавек. Але гэтая жменька паступова адраджаецца. У гэтым заслуга не толькi актывiстаў адраджэння, але i новага стаўлення дзяржавы да царкоўных пытанняў (гл. Закон РБ "Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацый", "Аб святочных днях у РБ").
На пачатку 90-х гадоў адраджэння, нiбы зыркае полымя, ахапiла асяроддзе беларускiх татараў. Асветную, выдавецкую i навукова-даследчую працу распачалi ўтвораныя ў 1989 годзе пад эгiдай Беларускага фонду культуры менскае i гарадзенскае татарскiя згуртаваннi, якiя атрымалi назву "Аль-Кiтаб" у Менску i "Кiтаб" у Гароднi. У гэтых аб'яднаннях былi створаныя камiсii па гiсторыi, культуры, пытаннях рэлiгii, мiласэрнасцi, рабоце сярод моладзi, умацаваннi сувязяў з татарамi замежжа. Пачалiся клопаты аб захаваннi на Беларусi татарскiх помнiкаў духоўнай i матэрыяльнай культуры i напiсаннi гiсторыi татараў на Беларусi, якая збiраецца па крупiнках з лiтаратурных крынiц. Гэтая задача запатрабавала неадкладнага наладжвання выдавецкай справы, правядзення навуковых канферэнцый.
Першая мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Татары-мусульмане на землях Беларусi, Лiтвы i Польшчы" адбылася ў 1993 г. i прысвячалася 600-годдзю татарскага асаднiцтва, юбiлей якога будзе адзначацца сёлета. Падставай для святкавання гэтай даты паслужыў запiс Яна Длугаша ў ягонай Хронiцы аб тым, што татарскiя паселiшчы ў ВКЛ былi заснаваныя менавiта ў 1397 г. Канферэнцыя была арганiзаваная сiламi згуртавання "Аль-Кiтаб" пры падтрымцы беларускiх навукоўцаў, дзяржаўных i грамадскiх арганiзацый. На ёй былi разгледжаныя праблемы этнiчнага, сацыяльна-культурнага i палiтычнага развiцця татараў на тэрыторыi Беларусi, рэлiгiйнае i культурнае жыццё i старонкi ваеннай гiсторыi.
Другая мiжнародная канферэнцыя "Iсламская культура татараў-мусульман Беларусi, Лiтвы i Польшчы, яе ўзаемадзеянне з беларускай i iншымi культурамi" (1995) прыцягнула значную ўвагу сусветнай грамадскасцi. На ёй выступiлi дэлегаты з Турцыi, Прыбалтыкi, Егiпта, Татарстана, Нiгерыi, Масквы i Пецярбурга, Польшчы, Швейцарыi, ЗША i iншых краiн.
3 1991 г. у Менску выдаецца згуртаваннем "Аль-Кiтаб" часопiс
"Байрам", у якiм актыўна друкуюцца i беларускiя даследчыкi (А.Грыцкевiч, Л. Лыч, Г. Каханоўскi, Л. Побаль, Э. Iофэ, А. Бяляцкi, В. Дадзiёмава, Я. Гучок i iншыя). Часопiс знаёмiць з гiсторыяй i побытам беларускiх татараў, мусульманскiмi справамi ў свеце. Значная плошча адводзiцца пад пробныя артыкулы
"Энцыклапедычнага даведнiка для беларускiх татараў", пад "Крымска-татарска-беларускi слоўнiк", пад тэкст свяшчэннай кнiгi "Кур'ан". Публiкуюцца таксама "Лiтаратурныя старонкi", матэрыялы злабадзённага характару, напрыклад, пра Чачню, старонкi календара на кожны месяц, успамiны i перапiска сучаснiкаў i г. д. Да сказанага дадам, што на Беларусi ўжо адбылiся два мусульманскiя мiжнародныя з'езды.
У гутарцы з галоўным рэдактарам "Байрама"
Якубам ЯКУБОЎСКIМ працягваецца тэма татарскага адраджэння на Беларусi.
- Якуб Адамавiч, раскажыце пра буднi Вашага згуртавання "Аль-Кiтаб".
- Збiраемся на сходкi два разы на тыдзень. Наведванне iх неабавязковае, бо мы не звязаныя нi членствам, нi складкамi. Хочаш - прыходзь, хочаш - не прыходзь. Наш актыў, а гэта звычайнна чалавек 30 - 40, прысутнiчае па маральным абавязку. На сходах абмяркоўваем праблемы i справы, у тым лiку выдавецкiя i звязаныя з работай камiсiй. Заслухоўваем паведамленнi людзей, адказных за розныя ўчасткi дзейнасцi згуртавання, а таксама гутарым з гасцямi i асобамi, якiм ёсць пра што расказаць i што сказаць. У канцы бываюць заняткi па гiсторыi iслама i крымска-татарскай мове.
- У Вас выходзiць часопiс пад назвай "Байрам". А што азначае гэтае слова?
- "Байрам" у перакладзе з татарскай мовы азначае "свята". Паколькi ў нас сродкаў няма, то выходзiць ён паквартальна. Значыць, чатыры разы на год з нагоды выхаду чарговага нумара ў нас i бывае свята.
- А чаму "Байрам" выходзiць на беларускай мове?
- Таму што большасць нашых чытачоў - татары, родная мова якiх беларуская. Такiх у нас, паводле апошняга перапiсу насельнiцтва, налiчваецца восем тысяч. Дзве тысячы адзiнаверцаў пераехала на Беларусь з Паволжа, iх родная мова - татарская. I толькi дзве з паловай тысячы нашых людзей гавораць па-расiйску i на iншых мовах, а гэта меншасць. Акрамя таго, у нас так заведзена, што кожны татарын, якi тут жыве, павiнен ведаць беларускую мову. Аднак хвалiцца татарыну, што ён ведае гэтую мову, часам лепш за беларуса, нягожа. Ён павiнен быць сцiплым i ўступiць месца першым, менавiта беларусам, бо яны на тысячу гадоў раней пасялiлiся на гэтай зямлi i тым самым далi мажлiвасць тут жыць татарам. Часам ад паволжскiх або крымскiх татараў можна пачуць папрок, што вось вы не ведаеце роднай мовы. На яго я адказваю так: "Мы даўно карыстаемся роднай нам беларускай мовай, гаворым i на рускай, разумеем польскую i ўкраiнскую. Але галоўнае, мы выхоўваем сваiх дзяцей сумленнымi i працавiтымi людзьмi, якiя маюць гонар называцца татарамi ў любых абставiнах. А што да татарскай мовы, то прыйдзе час i ў нас будуць свае татарскiя школы.
- Наколькi мне вядома, татары з беларусамi заўсёды жылi дружна.
- Наогул, так. Але вось праз школу i ў царскiя часы, i цяпер праводзiцца думка, што наш народ - эксплуататар, ён трыста гадоў трымаў славян у ярме. У падтэксце гэта гучыць, што, маўляў, наша сённяшняе адставанне ад еўрапейскiх цывiлiзаваных краiн абумоўлiваецца татара-мангольскiм ярмом, ад якога дагэтуль не акрыялi. Такое адмоўнае стаўленне да татараў праз падручнiкi перадалося i на Беларусь, хоць тут татара-манголаў нават трыццаць дзён не было. Але самi беларусы нас нi ў чым не папракаюць.
- Чым адрознiваецца "Байрам" ад беларускiх выданняў?
- Сваёй тэматыкай. Гэта гiсторыя беларускiх татараў i падзеi, да якiх яны прычынiлiся; асновы iсламу, даследнiкi татарскай гiсторыi i культуры, заняткi i рамёствы, жыццё ў Татарстане, крымскiя, сiбiрскiя, астраханскiя, беларускiя i польскiя татары; татары далёкага замежжа, слоўнiк татарскiх найбольш ужывальных слоў i выразаў, татарская кухня, мастацкая творчасць i т.д. А па сваёй спецыфiцы гэты часопiс сямейны. У нас няма сiл i жадання падбiраць рафiнiраваных аўтараў.
- Што Вы хочаце гэтым сказаць?
- Хачу сказаць, што мы не хочам моцна адрывацца ад мас. У нас кола аўтараў шырокае, шмат пiшуць i простыя людзi - па-простаму.
- А хто вашы аўтары?
- Татары, беларусы i яўрэi.
- Што у вас робiць рэдакцыйная група?
- Дапамагае ў апрацоўцы i навуковым рэдагаваннi тэкстаў. Усе добраахвотнiкi. Дапамагаюць бескарыслiва.
- Што у вас яшчэ выходзiць, акрамя "Байрама"?
- Часопiс з рэлiгiйным накiрункам "Жизнь" - на рускай мове, бо ён рассылаецца за межы Беларусi, у тым лiку i ў арабскiя краiны. Жыццё ў iм паказваецца i такое, якое яно ёсць, i такое, якiм яно павiнна быць.
- Як iдзе ваша праца над энцыклапедыяй для беларускiх татараў?
- Слоўнiк энцыклапедыi разлiчаны на 8 - 9 тысяч артыкулаў разам са спасылачнымi. Спецыфiка выдання заключаецца ў адборы артыкулаў. У нас даецца тое, што не прачытаеш у iншых энцыклапедыях. Напрыклад, мы плануем серыю артыкулаў па асновах мусульманскай веры, бо спадзявацца, што гэта будзе зроблена беларусамi цi летувiсамi, не даводзiцца. Мусульманскiмi i цюркскiмi краiнамi i народамi мы больш цiкавiмся - скажам, якутамi або малдаўскiмi гагаузамi. Набярэцца, мабыць, пяцьсот - шэсцьсот мусульманскiх народаў, пра якiх раскажа нашае выданне. А наогул будуць артыкулы пра кожную краiну ў свеце, у якiх будзе адзначана, дзе там жывуць мусульмане. Не будзе абыдзена i гiсторыя ВКЛ, Рэчы Паспалiтай, Расiйскай iмперыi. У нас будуць артыкулы пра ўсiх князёў, каралёў i цароў, якiя тады панавалi. Пра Iвана Жахлiвага, якi па мацi паходзiў з татараў i якi ў 1552 годзе, захапiўшы Казань, атруцiў там ваду. Усяго ж будзе прысвечана гiстарычным асобам каля двухсот артыкулаў. Шэраг артыкулаў будзе прысвечаны тэме татарскай этыкi i маралi, напрыклад, пра шанаванне бацькоў або пра тое, як мусульманскае права вучыць ставiцца да сiрот. У нас лiчыцца ганьбай, калi старыя бацькi трапляюць у прытулак для састарэлых, а дзецi - у сiроцкiя дамы. Абавязкова асiрацелых дзяцей павiнен нехта выратаваць i выхаваць. Пры напiсаннi артыкулаў на рэлiгiйныя тэмы ў якасцi ўзораў мы бярэм шматтомную касцельную энцыклапедыю - выданне, якое з'ўялялася ўласнасцю беларускага дзеяча ксяндза Адама Станкевiча i якое зараз знаходзiцца ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi. Карыстаемся i яўрэйскай энцыклапедыяй, а пры асвятленнi пытанняў праваслаўнай веры - Беларускiм царкоўным календаром.
- Вось Вы далi артыкул пра Канстанцiна Езавiтава. Ён татарын?
- Мы далi яго таму, што ён выдатны дзеяч беларускага адраджэння. Ведаеце, той, хто надта скараецца i схiляецца перад уладамi, - не надзейны ў жыццi чалавек, пра такога i пiсаць не варта.
- Як Вы робiце татарскi каляндар?
- Па ўзоры Заходнебеларускага. Мы працягваем традыцыi татараў, якiя жылi ў Заходняй Беларусi, Польшчы i Лiтве.
- Ваша праца грунтуецца на дэмакратычнай аснове?
- На iншай i не магчыма было б.
Распытвала Якуба ЯКУБОЎСКАГА Iрына КРЭНЬ
Наша слова. - 1997. № 4. С. 1, 3.